29 лютага 2024
У Бешанковічах
усталююць памятны знак Льву Сапегу
У Бешанковічах
усталююць памятны знак дзяржаўнаму дзеячу і мецэнату, ураджэнцу Бешанковіцкага
раёна Льву Сапегу.
У студзені
раённы выканаўчы камітэт абвясціў конкурс эскізных праектаў памятнага знака
Льву Сапегу. Яго ўдзельнікам прапануецца стварыць памятны знак (фігурную
кампазіцыю) вышынёй не менш за 3 метры, які мог уключаць бюст або рэльефную
выяву дадзенай гістарычнай асобы.
Усяго на конкурс
было прадстаўлена 12 творчых работ. Учора журы, у склад якога ўвайшлі эксперты
ў галіне мастацтва з Мінска і Віцебска, а таксама прадстаўнікі нашага раёна,
вызначылі пераможцу. Аўтар работы - Іван Міско, скульптар з Мінска.
Мемарыяльны знак уяўляе сабой бронзавы арачны барэльеф, які паказвае канцлера
Льва Сапегу з атрыбутамі дзяржаўнай улады. Выява ўманціравана ў нішу прыроднага
гранітнага блока для надання манументальнасці і значнасці вобразу Сапегі ў
гістарычным аспекце Рэспублікі Беларусь.
Дарэчы, дадзеную работу, як адну з самых годных, адзначылі і прадстаўнікі
актыву раёна, якія прынялі ўдзел у апытанні.
Памятны знак будзе ўсталяваны ў гарадскім парку.
«Зара»