Настройки
Настройки шрифта
Arial
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Бешенковичский районный исполнительный комитет
Главная / / Новости / / Новости района

Новости района

29 сентября 2020 года

В ходе "прямой телефонной линии" с председателем райисполкома Г.В.Унукович связались 16 человек

Старшыня раённага выканаўчага камітэта Г. У. Унуковіч правяла чарговую «прамую лінію» з жыхарамі раёна. Дыялог прыдзвінцаў з кіраўніком рэгіёна атрымаўся даволі насычаным. Прадметам абмеркавання сталі многія пытанні: абслугоўванне жылфонду, навядзенне парадку на грамадскіх могілках, добраўпарадкаванне прыдамавых тэрыторый, зямельныя адносіны і многія іншыя. Усяго з Галінай Уладзіміраўнай звязаліся 16 чалавек.

Першай на «прамую лінію» патэлефанавала жыхарка гарпасёлка Любоў Аляксандраўна. Жанчына занепакоена тым, што на грамадскіх могілках у в. Слабодка каля магіл яе родных растуць высокія дрэвы. Мацней дуне вецер, і пашкоджання пом-нікаў не пазбегнуць. Тым больш, што яшчэ мінулым летам адно з дрэў ужо ўпала на агароджу.

Трэба адзначыць, што пенсіянерка агучыла праблему, актуальную для ўсяго раёна. На Бешанковіччыне каля 200 грамадскіх могілак, на многіх з іх ёсць аварыйныя дрэвы. Як растлумачыў сітуацыю намеснік дырэктара УКП ЖКГ «Бешанковіцкі камунальнік» В. В. Шчука, пазбавіцца ад усіх небяспечных аб’ектаў расліннасці ў месцах пахавання немагчыма. На тое ёсць аб’ектыўныя прычыны. Усім вядома, што выдаленне аварыйных дрэў — справа даволі затратная. Чым складаней дрэва, тым даражэй работы, часта даводзіцца звяртацца па дапамогу да прамысловых альпіністаў. Такіх праблемных дрэў у раёне больш за 50. Але, нягледзячы на фінансавыя цяжкасці, камунальнікі ўсё ж займаюцца гэтым пытаннем. З пачатку года на дадзеныя мэты ўжо выдаткавана каля 70 тысяч рублёў, дарэчы, пяць аварыйных дрэў выдалілі і на могілках у Слабодцы.

Абяцаць жанчыне, што работы з небяспечнымі дрэвамі на могілках будуць неадкладна працягнуты, Г. У. Унуковіч не стала. Кіраўнік раёна цвяроза ацэньвае сітуацыю — каб прывесці ў парадак усе месцы пахавання, патрэбны вялікія грошы. А добраўпарадкаванне могілак — гэта не толькі выдаленне дрэў і кустоў, гэта яшчэ і ўстаноўка платоў, уладкаванне пляцовак для збору смецця, рамонт пад’язных дарог… Пазіцыя старшыні райвыканкама ў дадзеным выпадку застаецца нязменнай: неабходна больш актыўна выкарыстоўваць на утрыманне могілак сродкі ад самаабкладання, на пастаяннай аснове арганізоўваць суботнікі з удзелам насельніцтва, пры гэтым значную частку работ павінна браць на сябе і камунальная служба.

Пётр Сяргеевіч, жыхар аграгарадка Вярхоўе, звярнуўся на «прамую лінію», каб папрасіць дапамогі ва ўсталёўцы ў яго кватэры вокнаў. Мужчына — інвалід першай групы, калясачнік. Самастойна вырашыць сваю праблему ён не ў стане. Галіна Уладзіміраўна з разуменнем паставілася да просьбы вяскоўца. Улічваючы, што згодна з заканадаўствам, вокны і дзверы ў шматкватэрных дамах усталёўваюцца за кошт жыхароў, кіраўнік раёна прапанавала пенсіянеру зрабіць гэта ў растэрміноўку. Райвыканкам дапаможа ў пошуку арганізацыі, якая б пайшла насустрач чалавеку з абмежаванымі магчымасцямі і выканала неабходны аб’ём работ з падзелам аплаты на некалькі месяцаў.

Валерый Іванавіч, які пражывае на вуліцы Дароўскага ў Бешанковічах, прасіў садзейнічання ў ачыстцы сажалкі і выдаленні аварыйнай таполі паблізу яго дома. Галіна Уладзіміраўна даручыла камунальнай службе выехаць на месца, вызначыць, на чыёй зямлі знаходзіцца вадаём, ці мае ён статус супрацьпажарнага, пасля чаго прыняць рашэнне адносна яго добраўпарадкавання. Што тычыцца дрэва, яго даручана спілаваць, калі з гэтым паўстануць складанасці, можна прыцягнуць да справы работнікаў лясгаса.

«Суседствам» з аварыйным дрэвам занепакоена і жыхарка аграгарадка Ула Еўдакія Пракопаўна. Дрэва нахілілася над домам пенсіянеркі і можа паваліцца ў любы час. А пасля нядаўняга ўрагану, што прайшоў у ульскай зоне, жанчына зусім пазбавілася спакою, штодня знаходзіцца ў чаканні бяды. Галіна Уладзіміраўна супакоіла жанчыну, рашэннем яе праблемы зоймецца мясцовае лясніцтва.

Некалькі зваротаў паступіла з сініцкай зоны. Людзі перажываюць, што ў бліжэйшы час у аграгарадку Сініцы будзе закрыта аддзяленне паштовай сувязі. Як патлумачыла кіраўнік раёна, паведамленне аб спыненні працы аддзялення ў раённы выканаўчы камітэт пакуль не паступала. Такія рашэнні прымаюцца толькі па ўзгадненні з органамі ўлады.

Жыхары шматкватэрных дамоў, што знаходзяцца паблізу хлебазавода (вуліцы Меліяратараў і П. Броўкі), звярнулі ўвагу на неабходнасць добраўпарадкавання іх прыдамавой тэрыторыі. На жаль, прызнае Г. У. Унуковіч, у нашым раёне мноства двароў патрабуюць гаспадарскай рукі. Дзесьці трэба падрамантаваць малыя архітэктурныя формы, дзесьці абрэзаць хмызнякі, дзесьці прывесці ў належны стан дзіцячую пляцоўку. Дарэчы, у цяперашні час рыхтуецца распараджэнне раённага выканаўчага камітэта, згодна з якім дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі як у райцэнтры, так і на сяле будуць замацаваны за канкрэтнымі прадпрыемствамі і арганізацыямі. Апошнія разам з камунальнікамі будуць падтрымліваць парадак на дадзеных аб’ектах. Але і самім жыхарам не варта абстрагавацца і назіраць з боку, а ўнесці свой пасільны ўклад у агульную справу.

Незадаволенасць з нагоды цяганіны ў вырашэнні праблем жыхароў раёна Г. У. Унуковіч выказала ў адрас зямельнай службы пасля таго, як пагутарыла з жыхаркай в. Вяжышча. Яшчэ вясной гэтага года Надзея Паўлаўна прасіла садзейнічання ў выдзяленні зямельнага ўчастка для выпасу жывёлы. На календары ўжо верасень, а воз і цяпер там. Галіна Уладзіміраўна даручыла як мага хутчэй давесці справу да канца і аб выніках паведаміць ёй асабіста.
Камунальная служба будзе разбірацца з перабоямі ў падачы гарачай вады ў доме №5 на вуліцы Маладзёжнай у райцэнтры, а таксама з пытаннямі арганізацыі вывазу цвёрдых бытавых адходаў у в. Янаўшчына.

Жыхары в. Слабодка ўдакладнялі, калі ўключаць вулічнае асвятленне ў вёсках. Як патлумачыла старшыня райвыканкама, у мэтах эканоміі бюджэтных сродкаў ліхтары на вуліцах сельскіх населеных пунктаў запрацуюць не раней за лістапад. Бешанкавічанку Веру Іванаўну цікавіла, ці можна ў райцэнтры адрамантаваць швейную машынку, а Івана Пятровіча з в. Двурэчча — дзе набыць азімыя збожжавыя культуры. На гэтыя і шэраг іншых пытанняў людзям дадзены вычарпальныя адказы.

"Зара"

 



Вернуться