Бешанковіцкі раённы выканаўчы камітэт

Напярэдадні Дня
Перамогі ўдзельнікі Вялікай Айчыннай атрымалі прадуктовыя наборы ад сеткі
"Дабраном"

07.05.2024

Напярэдадні Дня Перамогі ўдзельнікі Вялікай Айчыннай атрымалі прадуктовыя наборы ад сеткі "Дабраном"

Няўмольны час, на жаль, і ўсё менш сярод нас відавочцаў і непасрэдных удзельнікаў той далёкай, страшнай вайны. Але кожнага з іх, хто змог прайсці крывавымі дарогамі Вялікай Айчыннай, выжыць і вярнуцца, краіна ведае пайменна і імкнецца паклапаціцца аб іх патрэбах, праблемах, пажаданнях. І шчыра віншуе з 9 Мая - Днём Вялікай Перамогі, якую яны набліжалі, як маглі! Памяць аб подзвігу герояў, якія паламалі ворага, якія адстаялі незалежнасць нашай Радзімы, паднялі гарады і вёскі з руін, у Беларусі святая. І асаблівы клопат - пра ветэранаў.
Іх шэрагі ўсё радзей. А гэта ж памяць нашага народа. Памяць, без якой няма будучынi. Даніна павагі героям вайны - даўняя і добрая традыцыя напярэдадні свята. Сёння ў госці да ветэранаў з найлепшымі пажаданнямі і віншаваннямі зазірнулі прадстаўнікі мясцовай вертыкалі ўлады і сеткі магазінаў ЗАТ "Дабраном".
З раніцы гасцей сустракалі жыхары райцэнтра - Сяргей Несцеравіч Карась, Іван Іосіфавіч Захарчанка, Лідзія Рыгораўна Макейчык і жыхарка блакаднага Ленінграда Ефрасіння Спірыдонаўна Станіслаўчык з аграгарадка Ула.
Намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Дзмітрый Пясецкі, старшыня райсавета ветэранаў Анатоль Крачкоўскі, намеснік рэгіянальнага кіраўніка ЗАТ "Дабраном" Юлія Зямка і начальнік адміністрацыйна-гаспадарчага сектара ЗАТ "Дабраном" Дзмітрый Асіпенкаў выказалі самыя цёплыя словы бясконцай падзякі і ўручылі прадуктовы набор ад гандлёвай сеткі "Дабраном".
"Вы пераадолелі цяжкія часы, спазналі жахі вайны, якія выпалі на долю нашага народа, - звярнуліся да ветэранаў госці. - У кожнага з вас свая легендарная гісторыя жыцця. І дзякуючы вашай нязломнай волі, ваенным і працоўным подзвігам мы сёння маем магчымасць жыць пад мірным небам, на мірнай зямлі. Вы перамаглі і паднялі нашы гарады і спаленыя вёскі. Як маглі, працавалі, а цяпер ужо наша задача - далей несці праўду гераічнай перамогі, і памяць аб тым, якой была тытанічная праца народа ў той, пасляваенны, час. І асабліва любоў да нашай цудоўнай сінявокай Радзімы. Вучыць моладзь любіць яе, таму што радзіма - адзіная, як маці, іншай не дадзена... Наша шчырая і бязмерная вам падзяку. Нізкі паклон Вам за тую Беларусь, якая дзякуючы вам захавалася, адбылася, квітнее."
Ветэраны былі рады падарункам і асабліва ўвазе, цяплу і клопату. У сваю чаргу яны адрасавалі словы падзякі ўсім, хто зазірнуў у госці: "Дзякуй, што памятаеце, наведваеце, не забываеце нас..." " такія моманты ў вачах гэтых моцных, мужных людзей, відавочцаў цэлага стагоддзя жыцця, стаяць слёзы. Цяжка не заплакаць самому. Праводзячы наведвальнікаў, нашы землякі далі адну і тую ж, але вельмі важную параду: "Беражыце мір, беражыце родную Беларусь!". Дзякуй Вам за гэты мiр. Вы, як ніхто іншы, ведаеце, якi далікатны мiр. І якой дарагой цаной ён дастаўся. А мы будзем ваш запавет выконваць.
Больш фота "Зара"